У 2024 годзе Крывіцкай сярэдняй школе споўніцца 140 год. За гэты час яна прайшла шлях ад аднакласнай царкоўна-прыходскай школы да дзяржаўнай установы адукацыі "Крывіцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна". За гэты час больш за 2800 выпускнікоў школы атрымалі атэстаты сталасці.
У 1884 годзе ў вёсцы Крывічы пачала працаваць царкоўна-прыходская школа. Размяшчалася яна ў хаце Рускевіча Уладзіміра, у якой і жыў настаўнік.
Першыя гады школу наведвалі 10-15 вучняў. Але паступова цікавасць да ведаў расла. Колькасць наведвальнікаў школы павялічвалася. Паўстала пытанне аб будаўніцтве школьнага будынка. За кароткі тэрмін яно было ўзведзена на высокім месцы вёскі ля скрыжавання вуліц. Цяпер на гэтым месцы аўтобусны прыпынак.
Пасля рэвалюцыі ў 18-20 гадах вёска Крывічы, як і ўсе населеныя пункты Старобіншчыны, падвяргаецца акупацыі спачатку германскіх, а потым польскіх войскаў. У гэты час школа не працавала.У 1920 годзе ў вёску вярнуўся Рускевіч Спірыдон Максімавіч. З гэтага моманту ён кіраўнік Крывіцкай пачатковай школы.
У жыцці школы адбываюцца змены: у гэты час у краіне выдаюцца новыя падручнікі, новыя праграмы. Да ведаў пацягнулася вялікая колькасць дзяцей, моладзі, пажылых людзей. Школа працавала і днём, і ўвечар. Колькасць навучэнцаў узрастае. Існуючы будынак з чатырма класнымі пакоямі не можа змясціць усіх навучэнцаў. Было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка і пераўтварэнні пачатковай школы ў няпоўную сярэднюю.
І вось у пачатку трыццатых гадоў завяршаецца будаўніцтва новага будынка, які быў размешчаны прыкладна па сучаснай вуліцы Школьнай. Адначасова ў 1931 годзе прымаецца рашэнне Старобінскага райвыканкама аб адкрыцці ў Крывічах сямігадовай школы. Дырэктарам яе прызначаецца Жук Аляксандр Сцяпанавіч.
У 1934 годзе сямігадовая школа зрабіла першы выпуск, у 1937 годзе яна была пераўтворана ў сярэднюю. У 1940 годзе Крывіцкая сярэдняя школа зрабіла свой першы выпуск. 22 юнакі і дзяўчаты атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі.
У 1941 г. адбыўся другі выпуск. Школу скончылі 23 чалавекі. Але замест выпускнога балю многім з іх прыйшлося ісці на фронт. Для вёскі і школы пачалося новае жыццё, жыццё пад акупацыяй.
У канцы чэрвеня 1944 года вёска Крывічы была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але, сыходзячы з вёскі, паліцаі спалілі два школьныя будынкі, застаўся толькі дарэвалюцыйны, які быў у паўразбураным стане. Неўзабаве мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне: першы пасляваенны навучальны год мусіць пачацца 1 верасня. У гэты час дырэктарам школы прызначаюць Скалабана Сільвестра Васільевіча.
Наступны, 1945-1946 навучальны год пачаўся ў новых умовах. За летнія месяцы былі адрамантаваны школьныя будынкі, завезены новыя падручнікі, сшыткі, пісьмовыя прылады.
Заняткі пачаліся своечасова і арганізавана. Крывіцкая школа стала адной з найлепшых школ раёна.
У 1947 годзе школа зрабіла першы пасляваенны выпуск. Атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі 10 чалавек. Большасць з іх сёлета паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1947-1948 навучальным годзе ў складзе педагагічнага калектыву школы адбыліся значныя змены. Дырэктарам школы быў прызначаны Арцюшкевіч Цярэнцій Дзмітрыевіч.
Заняткі па-ранейшаму праводзіліся па хатах, якія месціліся ў розных месцах вёскі. Гэта стварала вялікія нязручнасці: на пераход з класа ў клас губляўся каштоўны час.
У 1961 годзе дырэктарам школы быў прызначаны настаўнік гісторыі Валатковіч Іосіф Антонавіч. Дзякуючы намаганням грамадскасці, а таксама яго асабістым у 1966 годзе быў закладзены, а ў 1967 годзе здадзены новы будынак школы.
З 1971 года дырэктарам школы працуе Холад Яўген Сцяпанавіч. У гэты час у школе налічвалася 512 навучэнцаў, працаваў 31 настаўнік. Школа з'яўлялася метадычным цэнтрам для бліжэйшых устаноў адукацыі.
У 1992 годзе дырэктарам школы становіцца Кульбіцкі Сяргей Мікалаевіч. А ў 2005 годзе школа займае 2 месца ў раённым конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі.
З 2007 года школу узначальвае Хаміцэвіч Ігар Адамавіч.