Русак Иван Тимофеевич
Нарадзіўся у 1906 годзе, скончыў царкоўна-прыходскую школу. У 1924 г. – Слуцкую прафтэхшколу. Іван атрымаў 4 разрад слесара і ў 1925 г. едзе ў Царыцын, стаў працаваць у дэпо Паўднёва-Усходняй чыгункі, па вечарах вучыўся на рабфаку. А пазней – у трктара-будаўнічым інстытуце.
Правучыўшыся год у 1931 г. па спецнабору быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і накіраваны ў Саратаўскае бронетанкавае вучылішча. Пасля яго заканчэння быў накіраваны ў Маскоўскі асобны танкавы полк, служыў камандзірам роты. А праз год – слухач Маскоўскай ваеннай акадэміі матарызацыі і механізацыі. У час вайны з белафінамі Івана Цімафеевіча накіроўваюць начальнікам асобага аддзела 15-й арміі, у сакавіку 1940 г. ён вяртаецца ў Маскву з ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 г. Русак І.Ц. абараняў Маскву. За абарону Масквы ён атрымаў другі ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. У 1942 г. быў накіраваны на Паўночна-Заходні фронт, займаў пасаду начальніка асобага аддзела 34-й арміі, праз паўгода стаў намеснікам начальніка асобага аддзела фронта. У чэрвені 1943 г. Русаку прысвоена званне генерал-маёра, яго прызначаюць памочнікам начальніка Галоўнага ўпраўлення “Смерш” (“Смерць шпіёнам”).
Пазней Русак Іван Цімафеевіч узначальвае опергрупу контрразведкі МВД СССР і пад яго кіраўніцтвам быў захоплены атаман Сямёнаў і кіраўнік Расійскага-фашысцкага саюза Маньчжурыі Раздаеўскі. У 1943 г. генерал Русак атрымлівае трэці ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, а пазней – два ордэны Айчыннай вайны 1 ступені, ордэн Кутузава – усяго 23 дзяржаўныя ўзнагароды.
Дзе б ні служыў Іван Цімафеевіч – усюды быў прыкладам адданасці Радзіме і не забываў сваю малую радзіму Крывічы. Роднай школе ён выслаў бібліятэку кніг, адна з якіх ёсць у школьным музеі, даслаў свае ўспаміны, а калі бываў на радзіме, сустракаўся з землякамі, настаўнікамі і вучнямі. Памёр Іван Цімафеевіч у 1978 г., пахаваны ў г.Санкт- Пецярбургу.