Успаміны Клішэвіча Уладзіміра Іванавіча, вуліца Пралетарская:
“Наша партызанская брыгада №101 імя А.Неўскага, якой камандаваў Дзмітрый Цімафеевіч Гуляеў, налічвала шэсць партызанскіх атрадаў. Я быў у шостым атрадзе, які насіў імя загінуўшага ў баі партызана атрада Камарова Івана Мікалаевіча Харсеева. Разам са мной былі мой бацька Іван Уласавіч Клішэвіч, родныя. Камандзірам атрада быў Рыгор Сяргеевіч Краўчанка, камісарам – Хініч Арон Ізраілевіч, Кудзелка Алесь. Памятаю прыезд у брыгаду былога сакратара Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б В.І.Казлова. Я тады стаяў на пасту. Заўважыў верхавых, даў тры сігнальныя выстралы. З’явіўся камандзір і, пазнаўшы Васіля Іванавіча, даў каманду: “Прапусціць!”
У 1944 годзе 19 лютага недалёка ад в.Жоўты Брод мы вялі бой. У Старобіне знаходзіліся мадзьяры, якія імкнуліся акружыць атрад імя Бандараўца і наш. У тым баі загінуў Гурыновіч Антон Данілавіч, якога мы пахавалі ў вёсцы. Не хапала ўзрыўчаткі. Яе дабывалі з неразарваўшыхся авіяцыйных снарадаў.
Са студзеня 1944 г. пачалі прылятаць невялікія самалёты Па – 2, якія садзіліся на замерзлым балоце непадалёку ад зямлянкі, дзе размяшчаўся штаб брыгады, недалёка ад вёскі Груздава. Самалёты дастаўлялі тол, дэтанатары, запальныя шнуры, узрыўчатку. Наш камандзір Дз.Ц.Гуляеў загінуў 05.09.1943 г. каля в.Панічы Слуцкага раёна (зараз вёска Гуляева). Гэта быў вопытны камандзір, які быў у партызанах з 1941 года. Камандзірам брыгады стаў Курыльчык Мікалай Дзям’янавіч. Цяжкія баі ішлі каля в. Ананчыцы, Скаўшын. Аднойчы ў наш атрад прынеслі падпольную газету “Звязда”, у якой пісалася пра дапамогу партызан сялянам у час веснавой сяўбы. Прадчуванне хуткага вызвалення адчувалася.
У канцы мая 1944 г. фашысты правялі вялікую карную экспедыцыю супраць партызан. Былі спалены сем вёсак: Таварыш, Скаўшын, Завыхад, Заберазінец, Кірава, Жоўты Брод. Вёска Камсамолец амаль поўнасцю была абрабавана. Булева балота стала месцам нашага адыхода.
Фашысты сачылі за рухам партызанскай брыгады – бамбілі лясную зону. Але мы ўжо бачылі нашы самалёты. Днём савецкія штурмавікі пад прыкрыццём знішчальнікаў “апрацоўвалі” чыгунку, дарогі. Наша развндка данесла, што фашысты ладзяць пераправу праз раку Случ каля в. Ананчыцы. Усе хмызнякі былі застаўлены машынамі, гарматамі, заняты войскамі, абозамі.Цэлы тыдзень адступалі фашысты.
Наш атрад не даваў магчымасці падыйсці праціўніку да Старобіна з боку Любань-Пагост. Тры дні ўтрымлівалі партызаны Старобін. Начальнік штаба Перацятка Валянцін Андрэевіч паведаміў, што немцы вядуць баі каля Пагоста. Вечарам наступнага дня мы сустракалі сваіх вызваліцеляў. Мінамётнае падраздзяленне спынілася на ўскраіне гарадскога пасёлка. Хутка воіны-вызваліцелі павярнулі на Чырвоную Слабаду.
Праз некаторы час мяне, як і многіх, прызвалі ў Чырвоную Армію. Я прыбыў на прызыўны пункт у в.Чапялі, а адтуль у Чырвоны Бераг. Вайна для мяне скончылася пасля Перамогі над фашыстамі. Я маю ўзнагароды – медаль “За адвагу”, ордэн Айчыннай вайны І ступені”.
Клішэвіч Уладзімір Іванавіч з вучнямі Клішэвіч У.І.
Успаміны Малочка Аляксандры Анісімаўны, Салігорск, Казлова 46-116:
“Калі муж, Скалабан Уладзімір Ільіч, пайшоў у партызаны, забраў і яе ў лес. Жылі ў буданах, зробленых з елак, у сямейным лагеры. У мяне на руках дачушка, часта хварэла, а лекаў не было. Медыцынская сястра Скалабан Вінадора Васільеўна не мела лекаў, бінтоў, лячыла травамі. Урочышча Кіешча каля Вялічкавіч добра запамятала. Аднойчы наш сямейны лагер акружылі фашысты і я з іншымі жанчынамі і дзецьмі пачалі выходзіць з акружэння, а вёў нас мясцовы жыхар па балоту па кладках. Я абступілася і засталася без валёнак – ногі трапілі ў багну і мяне ледзь выцягнулі. Да самых Вялічкавіч ішла амаль босая, уся вымакла. Старыя Вялічкавічы былі спалены, засталося гумно, у якім мы сталі жыць. Мне запомнілася дзяўчына, якая разам з дзедам аплаківалі на магіле родных. Яны цудам засталіся жывымі. 4 дзяцей і маці былі ў гэтай магіле. Дзяўчына галасіла па спаленых блізкіх.
Мой муж часта быў на заданнях, зрэдку бачыліся. Пасля вызвалення з-за дрэннага зроку яго не ўзялі на фронт. За ўдзел у партызанскім руху меў медаль “За адвагу”, ордэн Айчыннай вайны, ордэн “Знак почёта”.