РУС БЕЛ ENG

Гісторыка-краязнаўчы музей "Спадчына"

Агульная інфармацыя

Назва музея – «Спадчына»;

Профіль музея – краязнаўчы;

Паштовы адрас: аг.Крывічы, вул.Школьная, д53А;

Дата заснавання музея: 1985

Кіраўнікі музея: Белая Валянціна Міхайлаўна, Глячан Кацярына Станіславаўна

Асноўныя раздзелы экспазіцыі музея:

“Ішла вайна народная”;

“Гісторыя калгаса”;

“Гісторыя школы”;

“Гісторыя вёскі Крывічы”.

Напрамкі работы музея:


Камплектаванне фондаў;

Улік і захаванне музейных калекцый;

Экспазіцыйная работа;

Культурна-адукацыйная дзейнасць.

Пошукавая работа праводзіцца на працягу ўсяго навучальнага года.
Асноўнымі напрамкамі пошукава-даследчай дзейнасці з'яўляюцца:


1. Вывучэнне малавядомых старонак гісторыі аг. Крывічы;

2. Вывучэнне жыцця і дзейнасці знакамітых людзей нашага раёна;

3. Пошук і сістэматызацыя інфармацыі аб наяўных музейных экспанатах;

У мэтах ажыццяўлення патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання навучэнцаў на базе музея рэгулярна праводзяцца тэматычныя экскурсіі, накіраваныя на ўдасканаленне грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў шляхам уключэння ва ўсебаковае вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю.

У 2024 годзе Крывіцкай сярэдняй школе споўніцца 140 год. За гэты час яна прайшла шлях ад аднакласнай царкоўна-прыходскай школы да дзяржаўнай установы адукацыі "Крывіцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна". За гэты час больш за 2800 выпускнікоў школы атрымалі атэстаты сталасці.

У 1884 годзе ў вёсцы Крывічы пачала працаваць царкоўна-прыходская школа. Размяшчалася яна ў хаце Рускевіча Уладзіміра, у якой і жыў настаўнік.

Першыя гады школу наведвалі 10-15 вучняў. Але паступова цікавасць да ведаў расла. Колькасць наведвальнікаў школы павялічвалася. Паўстала пытанне аб будаўніцтве школьнага будынка. За кароткі тэрмін яно было ўзведзена на высокім месцы вёскі ля скрыжавання вуліц. Цяпер на гэтым месцы аўтобусны прыпынак.

Пасля рэвалюцыі ў 18-20 гадах вёска Крывічы, як і ўсе населеныя пункты Старобіншчыны, падвяргаецца акупацыі спачатку германскіх, а потым польскіх войскаў. У гэты час школа не працавала.У 1920 годзе ў вёску вярнуўся Рускевіч Спірыдон Максімавіч. З гэтага моманту ён кіраўнік Крывіцкай пачатковай школы.

У жыцці школы адбываюцца змены: у гэты час у краіне выдаюцца новыя падручнікі, новыя праграмы. Да ведаў пацягнулася вялікая колькасць дзяцей, моладзі, пажылых людзей. Школа працавала і днём, і ўвечар. Колькасць навучэнцаў узрастае. Існуючы будынак з чатырма класнымі пакоямі не можа змясціць усіх навучэнцаў. Было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка і пераўтварэнні пачатковай школы ў няпоўную сярэднюю.

І вось у пачатку трыццатых гадоў завяршаецца будаўніцтва новага будынка, які быў размешчаны прыкладна па сучаснай вуліцы Школьнай. Адначасова ў 1931 годзе прымаецца рашэнне Старобінскага райвыканкама аб адкрыцці ў Крывічах сямігадовай школы. Дырэктарам яе прызначаецца Жук Аляксандр Сцяпанавіч.

У 1934 годзе сямігадовая школа зрабіла першы выпуск, у 1937 годзе яна была пераўтворана ў сярэднюю. У 1940 годзе Крывіцкая сярэдняя школа зрабіла свой першы выпуск. 22 юнакі і дзяўчаты атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі.

У 1941 г. адбыўся другі выпуск. Школу скончылі 23 чалавекі. Але замест выпускнога балю многім з іх прыйшлося ісці на фронт. Для вёскі і школы пачалося новае жыццё, жыццё пад акупацыяй.

У канцы чэрвеня 1944 года вёска Крывічы была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але, сыходзячы з вёскі, паліцаі спалілі два школьныя будынкі, застаўся толькі дарэвалюцыйны, які быў у паўразбураным стане. Неўзабаве мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне: першы пасляваенны навучальны год мусіць пачацца 1 верасня. У гэты час дырэктарам школы прызначаюць Скалабана Сільвестра Васільевіча.

Наступны, 1945-1946 навучальны год пачаўся ў новых умовах. За летнія месяцы былі адрамантаваны школьныя будынкі, завезены новыя падручнікі, сшыткі, пісьмовыя прылады.
Заняткі пачаліся своечасова і арганізавана. Крывіцкая школа стала адной з найлепшых школ раёна.

У 1947 годзе школа зрабіла першы пасляваенны выпуск. Атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі 10 чалавек. Большасць з іх сёлета паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1947-1948 навучальным годзе ў складзе педагагічнага калектыву школы адбыліся значныя змены. Дырэктарам школы быў прызначаны Арцюшкевіч Цярэнцій Дзмітрыевіч.

Заняткі па-ранейшаму праводзіліся па хатах, якія месціліся ў розных месцах вёскі. Гэта стварала вялікія нязручнасці: на пераход з класа ў клас губляўся каштоўны час.

У 1961 годзе дырэктарам школы быў прызначаны настаўнік гісторыі Валатковіч Іосіф Антонавіч. Дзякуючы намаганням грамадскасці, а таксама яго асабістым у 1966 годзе быў закладзены, а ў 1967 годзе здадзены новы будынак школы.

З 1971 года дырэктарам школы працуе Холад Яўген Сцяпанавіч. У гэты час у школе налічвалася 512 навучэнцаў, працаваў 31 настаўнік. Школа з'яўлялася метадычным цэнтрам для бліжэйшых устаноў адукацыі.

У 1992 годзе дырэктарам школы становіцца Кульбіцкі Сяргей Мікалаевіч. А ў 2005 годзе школа займае 2 месца ў раённым конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі.

З 2007 года школу узначальвае Хаміцэвіч Ігар Адамавіч.

Гісторыя нашай вёскі Крывічы адыходзіць сваімі каранямі глыбока ў мінулае. Афіцыйна лічыцца, што яна ўпершыню ўпамінаецца ў архіўных дакументах з 1606 года  як ўласнасць князя Радзівіла. Аднак у царкоўных архіўных  дадзеных, у дарадзівілаўскі час, яна ўпамінаецца пад назвай Кунічнае з XIII  ст.

У 1606 годзе вёска налічвала 35 дамоў, у якіх пражывала 455 жыхароў, а гэта значыць, што кожная сям’я складалася прыкладна з 13 чалавек.

Вёска Крывічы ўваходзіла ў Слуцкі павет Мінскага ваяводства. Будавалася вёска ў адну вуліцу, якая цягнулася з поўначы на поўдзень. Пачаткам паселішча лічылася самае высокае месца на гэтай тэрыторыі, якое называлася “грудок”. Гэта перакрыжаванне сучасных вуліц Пралетарская і Цэнтральная. Менавіта гэтае высокае сухое месца, сярод балот і лясоў, было самым спрыяльным для пасяленцаў далёкага мінулага.

Засяленне гэтай тэрыторыі ішло вельмі марудна, так як ўмовы для развіцця гаспадаркі былі вельмі цяжкія: усе землі ў акрузе былі або балоцістыя, непраходныя, або пясчаныя, непладародныя. Вось чаму за два стагоддзі з 1606 па 1800 гады колькасць двароў у вёсцы павялічылася толькі на 20 і склала 56, а насельніцтва нават паменшылася да 364 чалавек. Да 1863 года колькасць двароў у вёсцы зменшылася да 36. У гэты час Крывічы ўваходзяць у склад Старобінскай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. Таксама вядома, што ў гэтым жа стагоддзі землі разам з вёскай Крывічы і яе жыхарамі былі прададзены князю Вітгенштэйну.

Дакладна вядома, што ў XIX ст. у вёсцы была адкрыта царкоўна-прыхадская школа, хлебазапасны магазін, пабудавана і пачала працаваць праваслаўная Свята-Казанская царква, два магазіна. Да канца XIX ст. у 1897 годзе ў вёсцы было ўжо 234 двары і пражывала 1505 чалавек. З гэтага часу і пачынаецца росквіт вёскі Крывічы.

У пачатку 20 стагоддзя вёска Крывічы ўваходзіць у Старобінскую воласць Слуцкага павета Мінскай губерні. У 1909 годзе ў ёй налічваецца -  273 падвор’і.

У час Першай сусветнай вайны многія крывічанцы былі прызваны на фронт, астатнія  жыхары вёскі ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў прыцягваліся да работ, якія былі звязаны з патрэбнасцямі арміі. Трэба адзначыць, што сярод крывічанцаў было шмат герояў Першай сусветнай вайны. Так жыхары нашай вёскі Малочка Трафім Макаравіч і Малочка Патап Фёдаравіч  з’яўляюцца Поўнымі георгіеўскімі  кавалерамі.

У пачатку 1918 года наша вёска была акупіравана германскімі войскамі, а са жніўня 1919 і па чэрвень 1920 – палякамі, якія не аднаразова прыязджалі ў вёску за прадуктамі харчавання. У гэты час гісторыя распавядае пра такі выпадак. Аднойчы  ў Крывічы прыехалі палякі, а жыхар вёскі Рускевіч Спірыдон Максімавіч правёў сярод жыхароў мітынг, пасля якога палякам не толькі не далі ежы, але і раззброілі. Пазней за гэты ўчынак Спірыдона Максімавіча палякі прыгаварылі да растрэлу. Але яго паспелі выратаваць байцы Чырвонай Арміі і ён вярнуўся дадому.  Палова Крывічоў падчас акупацыі была спалена. Спірыдон Максімавіч паехаў да члена Часовага кіраўніцтва Беларускага бюро ЦКРКП (б) Мікалая Матвеявіча Галадзеда, у выніку чаго многім пагарэльцам быў выдзелены лес. Аднаўленне вёскі вялося да 1928 года.

У гэты час у вёсцы сталі працаваць 2 ветравыя і паравы млыны, конная крупарушка, хлебазапасны магазін. У час калектывізацыі арганізатарамі камунаы на Чарнігаўшчыне сталі 9 крывічанцаў на чале з Клішэвічам Паўлам Іларыёнавічам, які ў 1923 годзе быў абраны старшынёй Краснадворскага сельсавета.

 

 

Але  мірнае жыццё крывічанцаў, як і ўсіх жыхароў Савецкага Саюза было спынена пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Як і ў гады Першай сусветнай, савецка-фінскай, так і гады Вялікай Айчыннай вайны многія крывічанцы праявілі мужнасць і храбрасць. Сярод іх вылучаецца Скалабан Фама Ігнацьевіч, які быў палкоўнікам, камандзірам брыгады танкаў.

Цішкевіч Павел Пятровіч, капітан І рангу, кандыдат ваенна-марскіх навук, Малочка Міхаіл Несцеравіч, палкоўнік і многія іншыя.

Таксама наша вёска ганарыцца генералам Русаком Іванам Цімафеевічам. Ён нарадзіўся ў 1906 годзе. У 1931 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час савецка-фінлядскай вайны быў начальнікам асобага аддзела 15-й дзеючай Чырвонай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны – начальнік асобага аддзела 34-ай Чырвонай Арміі, намеснік начальніка асобага аддзела фронту.У 1943 годзе назначаны памочнікам начальніка галоўнага ўпраўлення контрразведкі “Смерш”. Пасля вайны Іван Цімафеевіч працаваў начальнікам упраўлення контрразведкі “Смерш” Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага сцяга (тройчы), Айчыннай вайны І ступені 9двойчы), Чырвонай Зоркі.

Таксама сярод крывічанцаў былі ўдзельнікі партызанскага руху і падпольнай барацьбы.  Гэта і Скалабан Вінадора Васільеўна, Русак Уладзімір Кандратавіч, Прыма Міхаіл Паўлавіч, Скалабан Аляксандр Васільевіч.

Вядомай  стала і сям’я патрыётаў Жарскіх.  У бацькоў было пяцёра дзяцей: Аляксандр, Мікалай, Несцер, Уладзімір і Марыя. Аляксандр Жарскі загінуў на Смаленшчыне ў 1941 годзе. Уладзімір аддаў сваё жыццё пад Масквой. Мікалай таксама загінуў у 1943 годзе на Смаленскай зямлі. Несцер загінуў смерцю храбрых 15 верасня 1942 года. Выконваючы загад камандавання, ён пранік у тыл ворага, разведаў размяшчэнне варожых кропак і са сваёй групай захапіў у палон двух немцаў з важнымі дакументамі. На зваротным баку група натрапіла на засаду. Загадаўшы сябру з дакументамі і захопленымі немцамі прабірацца праз лінію фронта, Несцер стаў прыкрываць адыход таварышаў. Больш за гадзіну трымаўся ён, але варожая куля абарвала жыццё. Быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.  Марыя Жарская ў 1942 годзе стала актыўнай падпольшчыцай Ровенскага падполля  ў групе Новака.  У гонар Марыі Жарскай была названа адна з вуліц вёскі.

Таму крывічанскай зямлі ёсць кім ганарыцца.

У 1931 годзе  ў вёсцы Крывічы ствараецца калгас “Бальшавік”, названы так у памяць аб расстраляным белапалякамі ў 1920 годзе бальшавіку з вёскі Жабін – Дрызгаловічу Іларыёне Мікітавічы. З 1927 жыхароў у калгас уступіла толькі 16 чалавек. Сярод іх былі Клішэвіч Васіль Паўлавіч, Сысуновіч Вінадора Лявонцьеўна, Таўпека Аксіння Навумаўна, Малочка Міхаіл Сяргеевіч і іншыя.

Таксама у гэтым жа  годзе ў паўночнай частцы вёскі ствараецца яшчэ адзін калгас “Пралетарый”. Яго старшынёй быў абраны Сысуновіч Аляксандр Філіпавіч, які быў расстраляны фашыстамі ў Слуцку ў 1942 годзе.

Станаўленне калгасаў шло з вялікімі цяжкасцямі. Клішэвіч Васіль Паўлавіч у сваіх успамінах расказваў, што ў першай артэлі было дзве пары коней, якія з’яўляліся асноўнай цяглавай сілай, адзін воз, дзве лапаты. “Я быў і кладаўшчыком, і пахарам, і загадчыкам гаспадаркі,” – гаварыў Васіль Паўлавіч. За добрую і адданую працу Васіля Паўлавіча выбралі дэлегатам Другога Усесаюзнага з’езду калгаснікаў-ударнікаў і ўручылі Ордэн Працоўнага Чырвонага  Знамені.

Паступова на  вызваленай  ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэрыторыі   ідзе аднаўленне сельскай гаспадаркі. З 1944 па 1946 год старшынёй калгасу з’яляецца Петр Астравух, а з 1946  па 1952 – Малочка Якаў Конанавіч.  У 1950 годзе адбылося аб’яднанне двух калгасаў  у адзін, і за ім захавалася назва “Бальшавік”.  

З 1954па 1975 год  старшынёй калгасу “Бальшавік” з’яўляўся Котаў  Міхаіл Іванавіч.  Ён узначальваў калгас на працягу 21 года. Менавіта пры ім была створана магутная гаспадарка, якая была ўзнагароджана высокімі ўзнагародамі:

  • Ордэнам Леніна;
  • Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі;
  • Ордэнам Чырвонага Працоўнага сцяга;
  • Трыма Ганаровымі Граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў узнагароджаны старшыня гаспадаркі Котаў М.І.

Пры яго падтрымцы былі пабудаваны: школа, дзіцячы сад, дамы для калгаснікаў, амбулаторыя, баня, жывёлагадоўчы комплекс. Амаль 50 калгаснікаў сталі ардэнаносцамі, сярод узнагароджанных 31 чалавек, якія пабывалі на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

У яго гонар таксама была названа адна з вуліц нашай вёскі.