РУС БЕЛ ENG

Память и боль белорусской земли

Успаміны Лойка-Шарко Валянціны Пятроўны, жыхаркі аг.Крывічы:

      “Мой бацька, Шарко Петр Федаравіч 1904 г.н.  загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. На вайну ён трапіў не адразу. Калі пачалося вызваленне нашага раёна ў 1944 годзе, мой бацька бачыў трупы забітых людзей і вырашыў іх пахаваць. Яму дапамагала Клішэвіч Вінадора Паўлаўна. Мяне паставілі за плотам, каб я магла папярэдзіць іх у выпадку небяспекі. Яны на вялікую посцілку палажылі трупы і пацягнулі іх туды, дзе зараз стаіць трансфарматар. Там у 1944 годзе была яма. Стаялі жаркія дні і бацька разам з Вінадораў Паўлаўнай вечарам пахавалі траіх забітых, а мне прыказалі нікому не расказваць. У 1944 годзе бацьку забралі на фронт, прыслаў адтуль адно пісьмо і яго забілі”.


Успаміны Кецка Ніны Трафімаўны, жыхаркі аг. Крывічы:

     “Мой бацька – Кецка Трафім Лявонцьевіч адразу пасля пачатку вайны пайшоў у партызаны. У 1943 годзе 27 кастрычніка мы выехалі ў Салагошч, а потым падаліся пешшу у лес пад Вялічкавічы. Там жылі ў сушні ў партызанскім лагеры, а потым ва ўрочышчы Кіешча. Аднойчы партызанскі лагер акружылі фашысты, і мы па балотах выбіраліся з акружэння. Было вельмі страшна, дзеці плакалі. Кулі свісцелі каля вуха. Ледзь вырваліся з акружэння. У лесе прыходзілася жыць у зямлянках, у якіх былі зроблены печы. З голаду пухлі ногі. Бацька – партызан атрада імя Харсеева часта быў на заданнях. Ён да вайны быў настаўнікам пачатковых класаў. Калі вызвалілі нам дапамаглі былыя партызаны, але хату нашу раскідалі паліцэйскія і мы жылі ў бабулі Арыны. Успамінаееца адзін выпадак, калі ноччу мы пачулі  выбух – упаў самалет. На насілках выносілі параненых летчыкаў, адзін з іх стагнаў. Каля вёскі Дубіца пахавалі загінуўшых лётчыкаў, а параненых адправілі з урочышча каля Груздава з партызанскага атрада ў Маскву. У партызанах былі дзеці, іх было 90 чалавек. Памятаю, як у час блакады ў 1944 годзе перапраўляліся у лодках, ледзь не перакінуліся, бо яна была перапоўнена. На другім беразе ішоў бой. Бацьку ў 1944 годзе прызвалі ў Армію і ў лютым 1945 г. ён загінуў”.


Успаміны Арцюшкевіча Уладзіміра Цярэнцьевіча, вул. Школьная, д 68. (унука Прымы Паўла Рыгоравіча):

     “Адным з тых, хто першым быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, быў Прыма Павел Рыгоравіч (1893 г.н.), нарадзіўся ў в.Крывічы. Закончыў Слуцкае медвучылішча, а ў 1940 г. закончыў школу фельчароў г.Гомеля і стаў ротным фельчарам. 3 1922 года ён працаваў фельчарам у Старобінскім раёне. З самага пачатку вайны трапіў на фронт. У складзе 28-ай Арміі 113-й дывізіі 451-га артылерыйскага палка ён прайшоў нялёгкі шлях ваеннага медыка. Цяжкія баі пад Масквой, калі прыходзілася амаль суткамі не спаць, бо ён аказваў дапамогу параненым. У канцы 1942 года сам быў паранены і два месяцы лячыўся ў Вяземскім шпіталі 3996, ваенна-снітарны цягнік 21144. Цяжкія баі пад Белгарадам, Курсукам… У 1943 г. Паўлу Рыгоравічу было прысвоена званне старэйшы лейтэнант медыцынскай службы.

      У 1944 г. Павел Рыгоравіч атрымлівае пісьмо ад свайго сына Прымы Міхаіла Паўлавіча на адрас: Іванаўская вобласць, п/а Муліна, п/п 43688 “А”. У адным з пісьмаў ён пісаў, што ў час вайны знаходзіўся ў партызанскай брыгадзе імя Кірава ў злучэнні В.З.Каржа, а калі вызвалілі Беларусь, трапіў на фронт. У 1941 г. сын скончыў 1-ы курс Мінскага медінстытута, марыў стаць доктарам. Сын пісаў: “… Пишу письмо накануне большого праздника – дня Великой Октябрьской революции. Фашистские разбойники хотели отнять его – не вышло. С каждым днём всё ближе Победа. Ты писал, что два года и три месяца был на фронте, имел ранения и контузии…..»

       Але хутка пісем не стала. 31 студзеня 1945 г. Прыма Міхаіл Паўлавіч, 1920 г.н., загінуў на тэрыторыі Германіі. Быў узнагароджаны медалямі “За взятие Кёнигсберга», «За Победу над Германией». Сам, Павел Рыгораваіч, пасля вайны жыў і працаваў у вёсках Чыжэвічы, Крывічы фельчарам”.

                             

                  Прыма Міхаіл Паўлавіч

свернуть

 Успаміны Клішэвіча Уладзіміра Іванавіча, вуліца Пралетарская:

     “Наша партызанская брыгада №101 імя А.Неўскага, якой камандаваў Дзмітрый Цімафеевіч Гуляеў, налічвала шэсць партызанскіх атрадаў. Я быў у шостым атрадзе, які насіў імя загінуўшага ў баі партызана атрада Камарова Івана Мікалаевіча Харсеева. Разам са мной былі мой бацька Іван Уласавіч Клішэвіч, родныя. Камандзірам атрада быў Рыгор Сяргеевіч Краўчанка, камісарам – Хініч Арон Ізраілевіч, Кудзелка Алесь. Памятаю прыезд у брыгаду былога сакратара Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б В.І.Казлова. Я тады стаяў на пасту. Заўважыў верхавых, даў тры сігнальныя выстралы. З’явіўся камандзір і, пазнаўшы Васіля Іванавіча, даў каманду: “Прапусціць!”

     У 1944 годзе 19 лютага недалёка ад в.Жоўты Брод мы вялі бой. У Старобіне знаходзіліся мадзьяры, якія імкнуліся акружыць атрад імя Бандараўца і наш. У тым баі загінуў Гурыновіч Антон Данілавіч, якога мы пахавалі ў вёсцы. Не хапала ўзрыўчаткі. Яе дабывалі з неразарваўшыхся авіяцыйных снарадаў.

     Са студзеня 1944 г. пачалі прылятаць невялікія самалёты Па – 2, якія садзіліся на замерзлым балоце непадалёку ад зямлянкі, дзе размяшчаўся штаб брыгады, недалёка ад вёскі Груздава. Самалёты дастаўлялі тол, дэтанатары, запальныя шнуры, узрыўчатку. Наш камандзір Дз.Ц.Гуляеў загінуў 05.09.1943 г. каля в.Панічы Слуцкага раёна (зараз вёска Гуляева). Гэта быў вопытны камандзір, які быў у партызанах з 1941 года. Камандзірам брыгады стаў Курыльчык Мікалай Дзям’янавіч. Цяжкія баі ішлі каля в. Ананчыцы, Скаўшын. Аднойчы ў  наш атрад прынеслі падпольную газету “Звязда”, у якой пісалася пра дапамогу партызан сялянам у час веснавой сяўбы. Прадчуванне хуткага вызвалення адчувалася.

     У канцы мая 1944 г. фашысты правялі вялікую карную экспедыцыю супраць партызан. Былі спалены сем вёсак: Таварыш, Скаўшын, Завыхад, Заберазінец, Кірава, Жоўты Брод. Вёска Камсамолец амаль поўнасцю была абрабавана. Булева балота стала месцам нашага адыхода.

      Фашысты сачылі за рухам партызанскай брыгады – бамбілі лясную зону. Але мы ўжо бачылі нашы самалёты. Днём савецкія штурмавікі пад прыкрыццём знішчальнікаў “апрацоўвалі” чыгунку, дарогі. Наша развндка данесла, што фашысты ладзяць пераправу праз раку Случ каля в. Ананчыцы. Усе хмызнякі былі застаўлены машынамі, гарматамі, заняты войскамі, абозамі.Цэлы тыдзень адступалі фашысты.

      Наш атрад не даваў магчымасці падыйсці праціўніку да Старобіна з боку Любань-Пагост. Тры дні ўтрымлівалі партызаны Старобін. Начальнік штаба Перацятка Валянцін Андрэевіч паведаміў, што немцы вядуць баі каля Пагоста. Вечарам наступнага дня мы сустракалі сваіх вызваліцеляў. Мінамётнае падраздзяленне спынілася на ўскраіне гарадскога пасёлка. Хутка воіны-вызваліцелі павярнулі на Чырвоную Слабаду.

      Праз некаторы час мяне, як і многіх, прызвалі ў Чырвоную Армію. Я прыбыў на прызыўны пункт у в.Чапялі, а адтуль у Чырвоны Бераг. Вайна для мяне скончылася пасля Перамогі над фашыстамі. Я маю ўзнагароды – медаль “За адвагу”, ордэн Айчыннай вайны І ступені”.

              

       Клішэвіч Уладзімір Іванавіч з вучнямі                           Клішэвіч У.І.


Успаміны Малочка Аляксандры Анісімаўны, Салігорск, Казлова 46-116:

      “Калі муж, Скалабан Уладзімір Ільіч, пайшоў у партызаны, забраў і яе ў лес. Жылі ў буданах, зробленых з елак, у сямейным лагеры. У мяне на руках дачушка, часта хварэла, а лекаў не было. Медыцынская сястра Скалабан Вінадора Васільеўна не мела лекаў, бінтоў, лячыла травамі. Урочышча Кіешча каля Вялічкавіч добра запамятала. Аднойчы наш сямейны лагер акружылі фашысты і я з іншымі жанчынамі і дзецьмі пачалі выходзіць з акружэння,  а вёў нас мясцовы жыхар па балоту па кладках. Я абступілася і засталася без валёнак – ногі трапілі ў багну і мяне ледзь выцягнулі. Да самых Вялічкавіч ішла амаль босая, уся вымакла. Старыя Вялічкавічы былі спалены, засталося гумно, у якім мы сталі жыць. Мне запомнілася дзяўчына, якая разам з дзедам аплаківалі на магіле родных. Яны цудам засталіся жывымі. 4 дзяцей і маці былі ў гэтай магіле. Дзяўчына галасіла па спаленых блізкіх.

      Мой муж часта быў на заданнях, зрэдку бачыліся. Пасля вызвалення з-за дрэннага зроку яго не ўзялі на фронт. За ўдзел у партызанскім руху меў медаль “За адвагу”, ордэн Айчыннай вайны, ордэн “Знак почёта”.

свернуть

Успаміны Арцёма Фёдаравіча Жука, в. Веска, вул. Школьная, д.8:

     “У час Вялікай Айчыннай вайны я, разам з многімі аднавяскоўцамі з в.Веска знаходзіўся ў партызанах. Маім камандзірам быў Сабаеў Мацвей Іванавіч- сібірак. Пад яго камандаваннем мы праводзілі баявыя дзеянні на варожых камунікацыях Баранавічы – Слуцк - Старыя Дарогі, Брэст - Масква,станцыя Старушкі жыткавіцкага раёна.

На чыгунку выходзіў з разведчыкамі Громавым, Макаравым, Жыбуртовічам, Рэйнгольдам. У партызанах былі і мае землякі, у ліку якіх Аляксандр Якаўлевіч Шаула. З Арлікоўскага лесу недалёка ад вёсак Старына, Смолічы, дзе базіраваўся партызанскі атрад пад камандаваннем В.А.Васільева, падрыўнікі выходзілі на чыгунку.

3 снежня 1943 года Шаула быў каля чыгуначнага палатна Баранавічы - Лунінец, дзе паставіў міну, а затым хутка скаціўся з насыпу. Прагрымеў састаў. Міна не спрацавала. Разведка данесла, што павінен  праследаваць састаў з фашысцкімі афіцэрамі, ехаўшымі у водпуск. Тады Шаула зняў кожанку, аўтамат і на развітанне сказаў: “Прощайте, ребята! Старшим группы назначаю Хомченко. Передайте командованию, что этих офицеров Шауло не пропустил”. Ён папоўз па чыгуначнаму палатну насустрач саставу. Пад паравозам спрацавала 20 кілаграмовая міна. Гэта быў 8 апошні ўзарваны ім эшалон. Пасмяротна Шаула Аляксандр Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. У маёй памяці захаваліся цяжкія баі ў 1944 годзе, у якіх загінулі партызаны, пахаваныя ва ўрочышчы Норы.”


Успаміны Гурыновіч Клары Паўлаўны, жыхаркі аг.Крывічы:

       “Мая маці Анастасія Маркаўна Клішэвіч адправіла на фронт 3 сыноў: Івана,  Аркадзія і Валянціна. Вестак аб іх не было ўсю вайну. Нялёгка было маці. Жылі ў страсе, многія крывічанцы пайшлі ў партызаны. У вёсцы стаяў фашысцкі гарнізон. Фашысты яго ўмацавалі, пракапалі траншэі, устанавілі кулямёты. Калі ў 1944 годзе пачалося вызваленне каля Касыніч  на ўскраі вёскі Крывічы ішоў моцны бой. 30 чэрвеня загінуў у вёсцы артылерыйскі разлік і крывічанцы пахавалі воінаў. А калі былі вызвалены Мінск, Слуцк у вёсцы нечакана з’явіўся брат Іван. Маці і бабуля не стрымлівалі слёз – брат заехаў дамоў на 3 дні. Ён расказваў пра баі, сваё раненне, пра ўзнагароды. Маці і яны, сёстры, не маглі нагаварыцца. У хату прыходзілі родныя, знаёмыя. На чацвёрты дзень родныя праводзілі Івана. Восенню 8 верасня  1944 года камандзір батальёна Іван Паўлавіч Клішэвіч загінуў у Літве. А хутка маці атрымала звесткі аб тым, што каля пасёлка Гасцішча Курскай вобласці прапаў без вестак малодшы лейтэнант, камандзір узвода Клішэвіч Валянцін Паўлавіч. Маці плакала і зноў чакала. А калі ў хату зноў прышла вестка пра тое, што і сын Аркадзь Паўлавіч Клішэвіч – радавы прапаў без вестак – маці захварэла. Вайна забрала яе трох сыноў, яе надзею”.

                

              Клішэвіч Іван Паўлавіч   

            


Успаміны Агінскага Аляксандра Хрысанфавіча, 1920 г.н.:

    “У час Вялікай Айчыннай вайны я служыў у 128 саперным батальёне. Спачатку прайшоў вучобу і ўжо ў баях на тэрыторыі Брэсцкай вобласці прыняў “баявое хрышчэнне”. Я быў у складзе войск І Беларускага фронта, мы выйшлі ў раён Паўночна-Заходняга Брэста, акружыўшы групоўку фашыстаў і далей уступіліна тэрыторыю Польшчы. Я ваяваў у складзе 61 дывізіі 28-ай Арміі. Запомніліся цяжкія баі за Варшаву, тады шмат загінула маіх баявых сяброў. Я сам быў паранены. Маю узнагароды: ордэн Айчыннай вайны, медаль “За адвагу”, юбілейныя медалі”.

                            

             Агінскі Аляксандр Хрысанфавіч 

свернуть

Успаміны Жарскай Аксінні Дзмітрыеўны, жыхаркі аг. Крывічы:

    “Мой брат -  Чарэўка Іван Дзмітрыевіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён нарадзіўся ў 1929 годзе ў вёсцы Крывічы. Да вайны закончыў Слуцкае педвучылішча, быў накіраваны ў Чырвонаазерскую сярэднюю школу, дзе выкладаў матэматыку. Пазней ён стаў дырэктарам гэтай школы. У 1940 г. яго прызвалі ў Чырвоную Армію, служыў ён у г.Люберцы пад Масквой, стаў лётчыкам, пісаў нам  пісьмы. А ў час вайны мы нічога пра яго не ведалі, а ўжо пасля вайны было паведамленне, што ён прапаў без вестак.                                                                             

                                  Чарэўка Іван Дзмітрыевіч           


Успаміны Гулінай-Кузняцовай Марыі Іванаўны 1924 г.н., пражываючай па вуліцы Пралетарскай, д.130:

       “Мой бацька Кузняцоў Іван Астапавіч 1890 г.н. быў родам з Расіі. Ён быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, трапіў у палон у Германіі, ведаў нямецкую мову. У час Вялікай Айчыннай вайны вёў перагаворы з нямецкім афіцэрам, які прыбыў у Крывічы з салдатамі знішчыць вёску за сувязь з партызанамі. Афіцэр не даў загад спаліць Крывічы, хаця быў такі намер”.


Запісаў Сушко Аляксандр:

        “ Мой прадзед Каралёў Мікіта Іванавіч 16.09.1911 г.н. родам з в.Слабодка Магілёўскай вобласці Круглянскага раёна. Быў прызваны ў армію і служыў у г.Беластоку, атрымаў званне лейтэнанта. Калі пачалася Вялікая Айчынная  вайна  быў сувязным. 10 ліпеня 1942 года трапіў у партызанскі атрад імя Кірава, у брыгаду імені Пархоменка, камандзір брыгады быў Львоў Аляксей Васільевіч. Мой прадзед быў камандзірам узводу ў партызанскім атрадзе. Дзейнічалі на тэрыторыі Глускага і Бабруйскага раёнаў. У 1944 годзе на тэрыторыі Старобіна. Быў удзельнікам вызвалення Заходняй Беларусі і удзельнікам фінскай вайны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За адвагу”, медаль партызану І ступені і іншыя…”.                                                                          

                      

                                   Каралёў Мікіта Іванавіч                    

свернуть

Бердніковіч Мікалай, вучань 5 класа Крывіцкай СШ :

      “Мая бабуля расказвала мне пра сваіх сваякоў - сям’ю Парфена Малафеевіча і Алены Жарскіх. Іх сыны: Аляксандр, Уладзімір, Мікалай, Несцер  і дачка Марыя – загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.  Як толькі пачалася вайна ўсе яны сталі салдатамі. На Смаленскай зямлі загінуў Аляксандр, Уладзімір Жарскі абараняў Маскву ў 1941 годзе і загінуў, Мікалай Жарскі загінуў у 1943 годзе каля вёскі Халмы на Смаленшчыне, а радавы разведчык Несцер Жарскі загінуў смерцю храбрых, не прапусціўшы ворага ў 1942 г. недалёка ад 14-га раз’езда Кіраўскай чыгункі. Дачка Марыя Жарская стала ўдзельніцай Ровенскага падполля ў групе Цярэнція Новака, узяўшы псеўданім Купала. Яе муж, афіцэр Чырвонай Арміі, загінуў пад Роўна, на руках засталася маленькая дачушка Ніна. Стаўшы актыўнай падпольшчыцай, група даручыла ёй ведаць кансператыўнымі кватэрамі патрыётаў, давала адказныя заданні, якія яна выконвала заўсёды і ў тэрмін. Аб дзейнасці Марыі даведалася гестапа. Яна была схоплена і павешана на цэнтральнай плошчы г. Роўна.  На адрас школы прыйшлі фотадакументы і ўспаміны людзей з г. Роўна, якіх яна, папярэдзіўшы, выратавала”.

Марыя Жарская з мужам   

свернуть

Ваўчок Таццяна Міхайлаўна, настаўнік Крывіцкай СШ:

          “Мой  дзед,  Дзялендзік Георгій Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1914 годзе ў в.Зажэвічы. Ён закончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча, працаваў настаўнікам пачатковых класаў у в.Касынічы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна ён стаў сувязным партызанскага атрада імя М.Бандараўца. Кожны раз ён рызыкаваў жыццём, перадаючы звесткі для партызан. Разам з Скалабан Міронам, Ганчар Лідзіяй Сцяпанаўнай, Корзун Іванам Васільевічам сачылі за варожым рухам на шашы Чырвоная Слабада - Бабруйск,  а з 1943 года ён знаходзіўся ў  брыгадзе імя Аляксандра Неўсага. Ён удзельнічаў у партызанскіх аперацыях. У час адной з іх трапіў у балота і амаль 3 гадзіны прасядзеў у ледзяной вадзе за в. Капачы. Вёска была ўжо спалена, але ў адной зямлянцы людзі дапамаглі яму абсушыцца. Потым ён доўга яшчэ хварэў. У 1944 ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і ваяваў у 115 гвардзейскім палку камандзірам кулямётнага разліку. Удзельнічаў у баях за горад Ліду, вызваляў Прыбалтыку, Кенінгсберг. Сяржант Георгій Уладзіміравіч быў узнагароджаны медалём “За отвагу” № 877108, медалём “ За освобождение Варшавы”, меў падзяку ад Вярхоўнага галоўнакамандавання за ўзяцце крэпасці Тарунь (Торн), а таксама медалём “За взятие Кенигсберга”, “3а победу в Великой Отечественной войне”, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі. Пасля дэмабілізацыі Ён працаваў настаўнікам Астроўскай васьмігадовай школы. Памёр 03.11.1984 г.,  пахаваны ў в.Астроўкі”.                      

                        

      Дзялендзік Георгій Уладзіміравіч

свернуть

Талпека Марыя Сяргееўна, вучаніца 10 класа Крывіцкай СШ:

        “Мой прадзед Русак Павел Лявонцьевіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ён рассказваў, што калі пачалася вайна, то яму было 14 гадоў. У 1943 годзе, яго, 16-гадовага падлетка, арыштавалі за тое, што яго старэйшы брат Аляксандр Лявонцьевіч знаходзіўся ў партызанах. Яго доўга дапытвалі, але ён маўчаў. На яго вачах застрэлілі таварыша. Нічога не дабіўшыся, юнака адпусцілі, але праз некаторы час зноў арыштавалі і адправілі  ў Слуцкую турму, адкуль ён здзейсніў пабег. 20 ліпеня 1944 года яго прызвалі ў армію. Ён удзельнічаў у вызваленні горада Інстэнбурга(Чарняхоўск), Кенігсберга. Пры вызваленні гэтага горада мой прадзед быў цяжка паранены і трапіў у шпіталь. Пасля лячэння зноў быў адпраўлены на фронт. За баявыя дзеянні быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалём “За отвагу”, “За победу над Германией”, медалём Жукава. Пасля дэмабілізацыі, будучы інвалідам, скончыў бухгалтарска-эканамічны тэхнікум, і з 1954 года працаваў галоўным бухгалтарам калгаса “Бальшавік”. Памёр у 2011 годзе, пахаваны ў вёсцы Крывічы.

        Мая бабуля Русак Раіса Уладзіміраўна расказвала мне пра свайго дзядзьку Русака Паўла Кандратавіча, які  нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Крывічы. Пасля заканчэння сямі класаў паступіў у Слуцкі педтэхнікум, а калі яго закончыў, працаваў настаўнікам у Краснадворскай школе. Яго жонка Сцешыц Клаўдзія Іванаўна таксама працавала ў Краснадворскай школе старшай піянерважатай. Калі пачалася вайна Паўла Кандратавіча забралі на фронт і ён там загінуў. А Клаўдзія Іванаўна стала сувязной партызанскага атрада Каржа. Яна была арыштаванна немцамі з данясеннем. Яе шмат катавалі, але нічога не даведаўшыся адправілі ў канцлагер “Асвенцым”. Цудам яна засталася ў жывых. Пасля вайны, яна так больш і не вышла зумуж. Дзяцей у яе таксама не было”.

Таксама яна гаварыла, што удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны былі і Русак Сяргей Кандратавіч і Русак Уладзімір Кандратавіч. Усе яны загінулі.

Сяргей Кандратавіч у 1944 годзе пайшоў на фронт. Быў старэйшым сяржантам. У маі 1945 года прапаў без вестак.

                 Русак Уладзімір Кандратавіч быў сувязным партызанскага атрада. Яго і яго сям’ю хацелі растраляць, за сувязь з партызанамі. Але ён паспеў забраць сям’ю з сабою ў лес. У 1944 годзе яго забралі на фронт. Загінуў ён у 1944 годзе пад Варшавай,  каля вёскі Слупно.

                                                   

             Русак Павел Лявонцьевіч                  Русак Павел Кандратавіч

свернуть